«Мова Нанова» – гэта курсы беларускай мовы, якія ядналі аматараў беларускай культуры ў многіх гарадах Беларусі. Пасля таго, як правядзенне курсаў у Беларусі стала немагчымым, ініцыятыва актыўна пашыраецца за мяжой. Заняткі ўжо ладзяцца ў Варшаве, Гданьску, Уроцлаве, Вільні і іншых гарадах свету, дзе зараз жыве вялікая дыяспара беларусаў. Сезон курсаў закончыўся ў Беластоку – гаворыць Ігар Палынскі, журналіст, музыка, вядучы курсы «Мова Нанова» ў Беластоку.
«Некаторыя людзі лічаць, што гэта не вельмі ОК, калі хтосьці пачынае казаць: «Ой, как красиво ты говоришь, какая красивая белорусская мова!» Я лічу, гэта таксама нармальна, бо калі нехта так пачынае казаць, то можа быць, праз нейкі час ён таксама пачне размаўляць па-беларуску, - мяркуе Палынскі.
«Мова Нанова» – бясплатныя курсы беларускай мовы, якія існуюць са студзеня 2014 года. Іх канцэпцыя – неакадэмічнае вывучэнне мовы. Курсы прынцыпова існуюць па-за палітыкай. Беластоцкія заняткі пачнуцца адразу пасля летняга перапынку.
З Ігарам Палынскім гутарыла Анна Пятроўская.